Шымук Віктар (Вікенцій Мікалаевіч) — ДЯТЛОВО.BY

Шымук Віктар (Вікенцій Мікалаевіч)

Шымук Віктар (Вікенцій Мікалаевіч)

Шымук Віктар (Вікенцій Мікалаевіч) нарадзіўся ў вёсцы Змяёўцы Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям’і.

Жылі бедна, мелі ўсяго 3 га зямлі. Бацьку даводзілася зарабляць грошы на лесапілцы ў Дзятлава. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі восенню 1939г. бацьку Вікенція Шымука выбралі першым старшынёй калгаса імя Молатава. На гэтай пасадзе ён працаваў да самай вайны. Вікенцій пайшоў у школу, што адчынілася ў Янаўшчыне, у былым панскім маёнтку. Але вучыўся нядоўга – пачалася вайна. Пасля вызвалення Дзятлава ад акупантаў Вікенцій Шымук наведваў школу ў Дзятлаве.

Пасля заканчэння 8 класаў Вікенцій Шымук пачаў працаваць адказным сакратаром Дзятлаўскай раённай газеты “За новую вёску”. Адначасова вучыўся ў вячэрняй сярэдняй школе. У 1951г. паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ імя У.І.Леніна. Вучобу сумяшчаў з працай у газеце “Калгасная праўда”. Пасля заканчэння універсітэта застаўся працаваць у газеце.

Працаваў таксама ў газеце “Звязда”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. З 1977 года – намеснік галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач Беларускага радыё. В.М.Шымук – член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1964г.

Літаратурную працу пачаў у 1949г. Для дзяцей напісаў паэму «Каля Броннай гары» (1960), зборнікі вершаў «Мы вясне дапамагалі» (1962), «Дочкі сіняга Немана» (1964), «Марылі пра шчасце хлапчукі» (паэмы, 1981).

Аўтар зборнікаў вершаў «Свіцязянскія хвалі» (1968), «Світанне» (1972), «Святло красавіцкіх бяроз» (1983), «Спелы жнівень» (1990) і сатырычных вершаў «Ад хаты да хаты» (1983).

Выдаў кнігі нарысаў «Добрай раніцы, поле» (1964), «Сын каваля» (1970), «Коля Гойшык» (1971), «Леў Даватар» (1973), «Пасля працы рупнай» (1974), «Дыханнем ліпеньскім сагрэтыя» (з Л. Смілавіцкім, 1971), «Рэха Аўроры» (1979). Шмат нарысаў Віктара Шымука прысвечана героям грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар зборніка апавяданняў «Помняць пушчы і паляны» (1969). Таксама займаўся перакладамі з балгарскай, латышскай, малдаўскай, армянскай, рускай, украінскай і іншых моў. Пісаў крытычныя матэрыялы пра творчасць беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

Ён вядомы чытачу як шчыры лірык, чалавек дасціпны, не абыякавы да праблем жыцця, прынцыповы, які з уласцівым яму гумарам выкрывае недахопы нашай рэчаіснасці. Наш зямляк шчыра любіў свой край, славіў сваю малую радзіму на цэлы свет. Увагу яго прыцягвае пытанне адраджэння беларускай нацыяльнай культуры, мовы нашага народа. На шэраг вершаў Віктара Шымука напісаны песні. Школьнікі Беларусі добра знаёмыя з яго творчасцю – ў падручніках друкуюцца найлепшыя творы паэта.

Віктар Шымук памёр 18 жніўня 1998 года, быў пахаваны ў Дзятлава.

Источник:
Татьяна Шимук
20:44
1590
RSS
Нет комментариев. Ваш будет первым!
ДЯТЛОВО.BY © 2008-2020