ДЯТЛОВО.BY ДЯТЛОВО.BY

Герасім Прамень

Герасім Прамень

Звестак пра жыццёвы шлях Івана Пышко даволі мала. Нарадзіўся Гарасім Прамень у 1908 годзе ў вёсцы Зачэпічы на Дзятлаўшчыне. Падчас Польшчы юнаком далучыўся да барацьбы супраць пілсудчыкаў. Уступіў у рады Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Быў сакратаром Зачэпіцкай ячэйкі КПЗБ.

Сярод матэрыялаў пра Гарасіма Праменя (Івана Пышко), знайшоў успамін жыхара вёскі Зачэпічы, былога падпольшчыка-камсамольца ў Заходняй Беларусі Фёдара Калодкі. Былы падпольшчык Калодка пакінуў згадку пра забастоўку ў Бярозаўцы Лідскага павета, удзел у якой прымаў і Іван Пышко (паэт Прамень). Фёдар Калодка прыгадваў, як у сакавіку 1936 года пачалася забастоўка на шклозаводзе „Нёман” у Бярозаўцы. Вясковыя хлопцы і дзяўчаты збіралі прадукты харчавання для бастуючых і на падводах адпраўлялі сем’ям бастуючых. Аднойчы на адным з вазоў ехаў у Бярозаўку з вёскі Зачэпічы і Іван Пышко. Калі прыехалі ў мястэчка, пачаўся мітынг, на якім з прадмовай выступіў зачэпіцкі актывіст. Ён запэўніў бастуючых шкларобаў у тым, што сяляне будуць і далей салідарнымі з рабочымі завода ў іх змаганні. У канцы прамовы выступоўца прачытаў верш „Сцяг”, які выклікаў такое ўражанне, што рабочыя наладзілі цэлую авацыю. А забастовачны камітэт вельмі сардэчна падзякаваў Івану Пышко за сялянскую дапамогу.

Ніхто з даследчыкаў паэзіі Заходняй Беларусі ніколі не надрукаваў вершаў Гарасіма Праменя. Не трапілі вершы і ў зборнікі „Сцягі і паходні” (Мн., 1965) і „Ростані волі” (Мн., 1990), якія складаў Уладзімір Калеснік. Згадвалі яго прозвішча толькі ў агульных аглядах. І то Уладзімір Калеснік замест Гарасім Прамень, пісаў Герасім Прамень. Усё ж, псеўданім у паэта Івана Пышко быў Гарасім Прамень. Падпісваўся пад сваімі творамі ён і так: Прамень Г., Pramien Harasim.

Друкавацца Іван Пышко пачаў у 1933 годзе. Яго першы верш з’явіўся ў газеце „Родны край” (1933, № 13). Ён быў прысвечаны вясковаму кавалю і яго цяжкай працы. Але аднойчы каваль вырабіць сякеру, каб ачысціць для беларусаў цемру і здабыць шчасце. Верш так і называўся „Каваль”:

Звон і стукат раздаецца,
Лятуць іскры, валіць дым,
Як пад песню размахнецца
Каваль молатам сваім.
Гэй, каваль! – хлапец вясёлы,
Што куеш ты: плуг ці колы?
Ці мо робіш серп зубчаты,
Што заказвалі дзяўчаты?..
–Не, сялянін мой пахілы,
Памыліўся, браце мілы…
Ці ж не бачыш па размеру –
Гэта ж я раблю сякеру!
Як зраблю яе стальную,
Ў рукі моцныя вазьму я
І пайду у цемры-гушчы
Шлях там новы высякаць –
Беларускаму народу
Шчасце й долю здабываць!

У „Родным краі” (1933, № 14) ад рэдакцыі быў апублікаваны адказ на вершы Гарасіма Праменя: „Сябра Г.Прамень! Усе Вашы я вершы атрыманы намі. З часам мы (паэты) выдамо зборнік, то змесцім там больш Вашых твораў. Пакрысе будзем друкаваць лепшыя. Пішыце. Жадаем поспеху…”. Пра які зборнік ішла размова – невядома. Але ж у гэтым самым нумары газета „Родны край” апублікавала і новы верш Праменя аб прыродзе:

Ноч настала. Ў небасхіле
Месяц ясны устае.
І на лес імглой закрыты
Сінясветы свае лье.
Ціха дрэмлюць недзе хвоі,
Ўсё спавіта лёгкім сном.
Месяц лісце дрэў прыстроіў
Блескам сумным – серабром.
І здаецца – безустанку
Я сядзеў бы й назіраў,
Як у небе паміж зорак
Маляр ночы фарбы клаў.
Але заўтра дзень настане,
Поўны працы і клапот, –
Сонца яснае зноў гляне,
Зноў пальюцца песня й пот.

А ў 1936 годзе газета „Наша воля” (№ 6) публікуе невялікі верш Праменя пра сына, які вярнуўся з турмы:

Вёска, родныя палеткі,
Твой загнаны сын прышоў
З-за густой жалезнай сеткі
Дыхаць свежасцю палёў.
Смутак пройдзе, летуценні
Сэрца к жыццю ўваскрасяць.
І мінулыя цярпенні
Будзем ў радасць замяняць.

З’яўляліся паэтычныя радкі Гарасіма Праменя і на старонках папулярнага часопіса „Шлях моладзі”. Вобразным і жывым атрымаўся ў паэта верш „Дажджом”, які быў апублікаваны ў „Шляху моладзі” (1937, № 6):

Вось хмара нечаканая,
Як сівы мех наехала,
Каўшом зярняты сеяла –
Піла зямелька каплямі.
З стрэх малаком цадзілася –
Вада плыла рыштокамі,
У суме закруцілася
І пацякла з падскокамі.
Праплыўшы аглянулася, –
Адменена ўсё сталася,
Ў дарогу–даль папхнулася,
І сонца паказалася.
А перлы-срэбра пацеркі
Калоціць вецер з лісцейка.
І ліжа сонца з жаднасцю
Зямелькі плечы мытыя.

Пражыў Іван Пышко 56 гадоў. Ён быў жанаты, меў траіх сыноў. Але і сыны таксама даўно памерлі. Пры жыцці ён працягваў пісаць вершы, друкаваць іх у раённым друку. Паэт меў неадольную цягу да паэзіі, ён радаваўся жыццю, ганарыўся тымі, хто займаўся літаратурай і шчыра вітаў сяброў па пяру:

Дабра усім жадаю,
Сынам сваіх палёў.
І горача вітаю
Паэтаў-змагароў…
mahila_pramienia

Магіла Гарасіма Праменя ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна

Дарэчы, помнік на магіле Гарасіма Праменя быў пастаўлены дзесьці ў 1965 годзе. Яго вырабіў нейкі мясцовы майстра і сам рукой на помніку напісаў тэкст з памылкамі. Магчыма пісаў так, як гутарылі мясцовыя людзі: „Пышко Иван Иванович, прожыл 56 лет, умер 7 июня 1964 г. Память от жены й детей”.

22:58
2587
Нет комментариев. Ваш будет первым!
Используя этот сайт, вы соглашаетесь с тем, что мы используем файлы cookie.