Яварская царква. Мацней за буру — ДЯТЛОВО.BY

Яварская царква. Мацней за буру

Яварская царква. Мацней за буру

Царква Раства Багародзіцы ў вёсцы Явар была пабудавана жыхарамі навакольных вёсак у пачатку 20-га стагоддзя. Дакладнага года заснавання і пабудовы невядома, прыкладна ў 1926 г. 

Першы будынак царквы будаваўся з астаткаў хутарской пабудовы сям’і Ермаловічаў, якія пражывалі ва ўрочышчы Ліпавец. 

У 1927 годзе па тэрыторыі вёсак Явар, Сачыўляны прайшла магутная бура. Гэта адбылося на свята Святой Тройцы, пасля таго як закончылася царкоўная служба. У выніку буры многія жылыя дамы і будынак царквы аказаліся часткова альбо поўнасцю разбураныя. 

Адразу пасля буры пачалося аднаўленне будынка царквы. На агульным сходзе прыхажан было прынята рашэнне: будаваць царкву не драўляную, а з бетонных блокаў. Дзякуючы актыўным ахвяраванням насельніцтва навакольных вёсак на будаўніцтва, царква была пабудавана ўжо ў 1932 годзе. Дарэчы, блокі выраблялі на месцы пабудовы самыя жыхары. З успамінаў жыхаркі вёскі Явар Герасімовіч Лідзіі Аляксандраўны стала вядома, што крыж для адноўленай царквы выкаваў яе дзед Бубноўскі Міхаіл Іванавіч. У лістападзе 1932 годзе ў царкоўнай кнізе быў запіс аб нараджэнні Жук (Белавус) Любові Іванаўны, тады жыхаркі вёскі Явар. Іканастас быў драўляны, для выхаду за алтаром былі зроблены яшчэ двое дзвярэй. 

Адным з першых святароў быў Карповіч. Акрамя яго і жонкі з імі жылі іх дзеці – Тамара, Людміла, Анатоль. Сын затым жыў і працаваў у Іўеўскім раёне доктарам. У сямейным дакуменце, які быў выдадзены родзічам цяперашняга жыхара вёскі Явар Буйко Міхаіла Мікалаевіча, стаяла круглая царкоўная пячатка і подпіс Карповіча, датаваныя 1937 годам. З прыходам Савецкай улады ў 1939 годзе царква часова не працавала. 

Затым у царкву для правядзення набажэнстваў быў накіраваны святар па прозвішчу Беляец – айцец Сергій. Ён прыехаў з сваёй жонкай (матушкай) і двумя дзяцьмі яшчэ да вайны. Дзеці, Генадзь і Ліда, вучыліся ў мясцовай школе. У гады Вялікай Айчыннай вайны царква працягвала працаваць. Аб гэтым сведчыць і хрышчэнне дзіцяці ў Яварскай царкве Раства Багародзіцы ў студзені 1944 года. Ім быў Мілейка Мікалай Аляксандравіч. У 1946 годзе быў пабудаваны другі будынак плябаніі, бо першы быў спалены падчас Вялікай Айчыннай вайны. 

Некаторы час у царкве служылі свяшчэннікі Коршун і Тарас. Тарас затым атрымаў службу ў Дзятлаўскай царкве. З 1954 года па 1962 год свяшчэннікам працаваў айцец Васіян. Яго ўсе называлі Манах, дакладнага імя мясцовыя жыхары не помняць. У царкве праходзілі абрады вянчання і хрышчэння дзяцей, адпяванне памерлых. Вядома, што ён быў вельмі дружалюбны, валодаў пачуццём гумару. 

У снежні 1962 года па рашэнню мясцовых органаў царква была зачынена, а айцец Васіян выехаў у манастыр. Дом, дзе пражываў свяшчэннік (плябанія), па рашэнню выканкама сельскага Савета быў перададзены сям’і пагарэльцаў – Венскаму Івану і Венскай Веры. 

У 1969 годзе ў царкве быў невялікі пажар, дах абваліўся, засталіся толькі мураваныя сцены. У пачатку 90-х гадоў жыхары навакольных вёсак Гярбелявічы, Белякі, Буйкі, Явар, Сачыўляны, Сцяткоўшчына за кошт асабістых грашовых сродкаў і з дапамогай праўлення мясцовага калгаса “Новае жыццё“ адбудавалі будынак царквы. Старшыня праўлення калгаса Аляксандр Васільевіч Касцюкевіч і члены праўлення з разуменнем аднесліся да правядзення аднаўленчых работ. Выдзяляўся неабходны транспарт, будаўнічыя матэрыялы, грашовыя сродкі. Асаблівы клопат і працу ў аднаўленчых работах праявіў жыхар в. Белякі – Клімко Канстанцін Іосіфавіч. Вельмі часта Канстанцін Іосіфавіч сам выконваў пэўныя работы, большую частку светавога дня праводзіў на рамонце царквы. Ён на сваёй легкавой машыне часта наведваў рэгіянальнае кіраўніцтва праваслаўнай царквы ў г. Навагрудак, Гродна, Мінску. Нават калі на сталеліцейным заводзе выраблялі царкоўны колакал, імя і прозвішча Клімко Канстанціна ўвекавечылі надпісам на ім. 

4 снежня 1992 года ў адбудаваным будынку адбылося ўрачыстае асвячэнне царквы, якая і сёння носіць сваю былую назву – царква РАСТВА БАГАРОДЗІЦЫ. Каля 15 год у царкве служыў айцец Мікалай, які прыязжаў з вёскі Горка. Цяпер свяшчэннікам Яварскай царквы з’яляецца айцец Аляксей Лаўнік.

Источник:
М. І. Лук’янчык
23:30
193
RSS
Нет комментариев. Ваш будет первым!
ДЯТЛОВО.BY © 2008-2020