Раготна называлі Парыжам — ДЯТЛОВО.BY

Раготна называлі Парыжам

Раготна называлі Парыжам

Назва ўтворана ад назвы-арыенціра: пасяленне на вуглу леса, возера, ракі, – сцвярджае хранікальна-дакументальная кніга “Памяць. Дзятлаўскі раён.” 

На дзвярах каля ўваходу ў касцёл святых Анёлаў Ахоўнікаў, у былым мястэчку Раготна, а цяпер сучаснай вёскі, знаходзіцца памятная дошка аб тым, што храм пабудаваны ў 1400 годзе. Ёсць меркаванне, што яго заснавальнікам быў гетман Вялікага княства Літоўскага Барталамей Дэ Раготне. Можна лічыць гэтую дату пачаткам гісторыі вёскі Раготна. 

Развіццё і станаўленне вёскі Раготна цесна звязана з гісторыяй касцёла. У тыя часы гэта быў адзіны цэнтр развіцця адукацыі і культуры. Іменна ён з’ўляўся і цэнтрам стварэння фальваркаў і асобных сялянскіх гаспадарак. 

Першы драўляны касцёл быў спалены татарскімі войскамі. Па ініцыятыве мясцовага правіцеля пана Барталамея у 1466 годзе быў пабудаваны новы касцёл, які існаваў да 1600 года. 

Аднаўляе новае будаўніцтва касцёла пан Барталамей Рэмеш. Касцёл вырашылі асвяціць ў імя апостала Варфаламея. Тады мястэчка ўваходзіла ў склад Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства. 

З 1634 па 1650 год храм належаў кальвіністам і быў разбураны ў 1656 годе. Дзякуючы Анджэю Завішы, прадстаўніку аднаго з багацейшага рода Вялікага княста Літоўскага, храм быў адноўлены. Епіскап Слупскі 9 лістапада 1673г. асвяціў адноўлены касцёл. 

У час Паўночной вайны 1700-1721гадоў храм спалілі шведы. Крыштаф Завіша, ваявода мінскі (1666-1721гг.), які валодаў мястэчкам Раготна, у сваіх успамінах называе ў 1710 годзе Здзёнцал Венецыяй, бо там людзі ад весялосці, як на моры славяне, у віне і мёдзе мокнуць. 

Раготня названа Парыжам з-за прыдумак і навучання разнастайным французскім танцам і манерам, галоўным чынам ля стала, пры спяванні французскіх песенак. 

Дварэц названы Іспаніяй па сваіх прычынах. 

Ён таксама адзначае, што ў 1715 годзе саксонскія і маскоўскія войскі былі ў Раготна. Сакскі ротмістр Рыценштэрн трымаў на двары Завішы 56 коней на працягу двух тыдняў, забіраў сена, авёс для іх кармлення, грабіў мясцовае насельніцтва. 

У 1817 годзе пры касцёле была драўляная школа, а таксама шпіталь. У ім былі два мужчынскія і чатыры жаночыя аддзяленні. Акрамя гэтага ад касцёла існавалі філіалы ў Скрундзях, Рандзілаўшчыне і Харабровічах. 

У 1818 годзе парафія налічвала 2 976 католікаў-вернікаў. Гістарычныя пісьмовыя крыніцы распавядаюць і пра дзейнасць памешчыцы Забелавай, якая валодала землямі не толькі каля Раготна, але каля вёсак Яхноўшчына і Явар у 1823 годзе. 

Цяперашні храм быў пабудаваны ў 1840 годзе намаганнямі прыхаджан і настаяцеля. Пасля паўстання 1863 года касцёл функцыяваў 4 гады як каталіцкі храм.

16 лютага 1867 года гродзенскім губернатарам генерал-маёрам Скварцовым храм быў перададзены праваслаўнаму прыходу. Храм лічыўся як праваслаўная царква Раства Багародзіцы. Але не функцыяваў як храм – было мала прыхаджан, у асноўным служыў для адпеву памёршых. 

Былі пратэсты католікаў – не пускалі ў храм свяшчэнніка, а царом за гэта накладваліся штрафы. 

У 1880 годзе – Раготна цэнтр воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні. Тут жыло каля 300 жыхароў, было валасное праўленне, царква, піцейны дом. 

Побач з сялом была сядзіба. У 1845 годзе быў заснаваны вінакурны завод, а ў 1892 годзе працавала паравая машына. Гаспадарчае развіццё вёскі звязана з дзейнасцю памешчыка Пратасевіча. І сёння можна ўбачыць рэшткі гаспадарчых пабудоў і сядзібаў 19 стагоддзя непадалёк ад майстэрні былога калгаса “Раготна”. 

У 1923 годзе працавала 69 гаспадарак з колькасцю жыхароў 372 чалавекі. У фальварку, які размяшчаўся побач з вёскай, было 5 гаспадарак і 62 жыхары. 

У 1914 г. пачалася Першая сусветная вайна і германскія кайзераўскія ўлады храм перадалі католікам. У 1916 годзе вакол храма была пастаўлена агароджа з камення, аб чым сведчыць надпіс на яе сцяне. 

На прылягаючай да касцёла тэрыторыі да сёняшняга дня прыхажане даглядаюць магілы загінулых і пахаваных у 1917 годзе 2 польскіх і 6 германскіх салдат. У касцёле знаходзіўся ваенны шпіталь, а недалёка ад вёскі праходзіла паласа ваенных дзеянняў. 

У перыяд з 1918 па 1939 год вёска Раготна знаходзілася пад уладай буржуазнай панскай Польшчы. Мясцовыя жыхары Саракульскі Часлаў, Рак Крысціна называюць прозвішчы такіх памешчыкаў як Раготэнскі, Майлаўскі, а за вёскай Саннікі былі землі памешчыка Сідаровіча. 

Памешчык Раготэнскі валодаў вялікім маёнткам, каля якога быў прыгожы сад. У мястэчку пражывала 5 яўрэйскіх сямей, якія займаліся гандлем і валодалі сваімі крамамі. 

З прыходам Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года памешчыкі вымушаны былі эміграваць у Польшу. Трагічнай для мясцовага насельніцтва, як для ўсяго насельніцтва Беларусі, стаў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Нямецка-фашысцкія захопнікі з’явіліся ў вёсцы ў апошнія дні чэрвеня 1941 года. 

У памешчыцкай сядзібе знаходзілася паліцэйская ўправа, а ў пачатку і канцы вёскі былі абсталяваны паліцэйскія дазоры. Актыўных ваенных дзеянняў у вёсцы не было. Працавала школа, дзе праходзіла навучанне беларускай і нямецкай мовам. У касцёле вяліся набажэнствы. 

Партызаны часта наведваліся у вёску за зброяй, адзеннем і прадуктамі харчавання. 

Прыгадваюць мясцовыя жыхары засаду партызан, у выніку якой былі забіты паліцаі Карыба і ўрбантовіч. 

На могілках вёскі ёсць магіла, дзе пахавана сям’я Пархановіча Аляксандра. Гэта ён сам, жонка – Юзэфа, дзеці - Уладзімір і Ірына 1935 і 1936 гг. нараджэння. Тут жа пахавана сям’я Радзевіча Іосіфа Канстанцінавіча ў складзе жонкі Аміліі, дзяцей Георгія, Генадзія, Часлава 1926, 1930, 1938 гг. нараджэння. Выпадкова застаўся жыць толькі сын Радзевіча – Балеслаў, які затым жыў у вёсцы Жукавічы і працаваў ветурачом у саўгасе. Мясцовая жыхарка Кароль Ганна Іосіфаўна, 29 1924 года нараджэння, якая пражывае цяпер у сваіх дзяцей у г.Гродна, расказала аб гэтай трагедыі: ” Гэта было ў пачатку снежня 1942 года. Невядома хто зрабіў данос нямецкім уладам, што жыхары вёскі збіраюць і перадаюць зброю партызанам.

У пачатку снежня 1942 года немцы прыехалі ў вёску і прымусова зганялі мужчын у школу, якая была на тэрыторыі касцёла. Правяралі дакументы, пашпарты. Пад пагрозай растрэлу яны абавязаны былі выдаць фашыстам тых, хто дапамагаў партызанам. 

Арганіст касцёла, які валодаў нямецкай мовай, выступіў на абарону прыгавораных да смерці сяльчан. Немцы зрабілі адтэрміноўку растрэлу да раніцы. Але падвечар у вёсцы пачуліся стрэлы. Людзі ўбачылі крывавыя сляды, якія цягнуліся ад хат Пархановіча і Радзевіча. Парфановіч быў забіты ў гумне, а адзін з сыноў на надворку. Жонка Радзевіча бы растраляна ў хаце. Яе знайшлі разам з забітым малодшым сынам, які трымаўся за маці. Казалі, што пад дошкамі падлогі фашысты знайшлі ў гэтых хатах вінтоўкі. 

На наступны дзень мужчын заставілі запрэгчы коней у вазы. І як потым стала вядома, яны былі на месцы растрэлу жыхароў Вялікая Воля. Існавала і падпольная група, якую ўзначальваў сын паліцэскага бургамістра. Сюды ўваходзілі Кець І., Даноўскі В., Юргель А. з Навасёлак, Ашмян К., Баярэвіч Л., Кібінь У. з Раготна, сын і зяць мельніка Cаржыцкага з в. Саннікі. 

Сын паліцэйскага выдаў немцам увесь склад групы, а сам уцёк разам з фашыстамі ў Польшу.

” Фашыстамі, за некалькі дзён да вызвалення раёна савецкімі войскамі, разам з іншымі вязнямі Дзятлаўскай турмы за сувязь з партызанамі яны былі спалены ў Курпешах. У чэрвені-ліпені 1944 года мужчыны з вёскі Раготна, як і з іншых вёсак раёна, былі мабілізаваны ў рады дзеючых войск Савецкай арміі. Многія з іх не вярнуліся дамоў. 

У цэнтры вёскі Раготна ў памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны ўзвышаецца абеліск. Прозвішчы спаленых ахвяр у Курпешах увекавечаны на абеліску, які знаходзіцца на месцы трагедыі. 

Першыя пасляваенныя гады былі звязаны з аднаўленнем сельскай гаспадаркі і ўстанаўлення новага складу жыцця.

У 1947 годзе быў зачынены касцёл. З 1950 па 1988 год там абсталявалі амбар і склад. Былі пабураны башні, каб будынак не быў падобны на храм. З калакольні былі зняты тры званы і вывезены ў невядомае месца. Касцельны арган разабралі і вывезлі ў Навагрудак. 

Ствараліся першыя калгасы. У вёсцы Раготна ў 1950 годзе быў арганізаваны калгас імя Сталіна, старшынёй якога быў Канстацін Фабішэўскі, брыгадзірам – Чапко Мікалай. Пазней на пасаду старшыні быў прызначаны Ражко. Школа размяшчалася ў розных памяшканнях, а затым у 1959 годзе пабудавалі адзіны будынак. Адным з першых дырэктароў школы быў Балдуеў І.Я. 

У гісторыі вёскі пачынаўся новы этап развіцця, галоўным у якім сталі добрасумленныя, працавітыя людзі.

Источник:
М. І. Лук’янчык
00:08
449
RSS
Нет комментариев. Ваш будет первым!
ДЯТЛОВО.BY © 2008-2020