ДЯТЛОВО.BY ДЯТЛОВО.BY

Слова аб зямлі Яварскай

Слова аб зямлі Яварскай
Чытаем у кароткім тапанімічным слоўніку Беларусі В.Жучкевіча: Явар (Явор) - вёска Дзятлаўскага раёна. У аснове назвы – дрэва явар. Параўнаем у Янкі Купалы: “Як будзеш так хінуцца к яму, як каліна да явара”.

На карце нашага раёна нанесена месцазнаходжанне адной з старэйшых з года свайго ўтварэння – вёска Явар. Яна раскінулася сярод маляўнічых лясоў, рэчак і крыніц, якія значна ўпрыгожваюць рэльеф Навагрудскага ўзвышша. 

Калі пад’язжаць да Явара з боку вёскі Гернікі, то на фоне маляўнічага штучнага возера адразу бачым краявіды нічым не горшыя, чым у Швейцарыі. 

Адметны знак вёскі – Царква Раства Багародзіцы пачатку XX стагоддзя. Зручным з’яўляецца яе размяшчэнне і па той прычыне, што яна знаходзіцца на даўнейшым гандлёвым і транспартным шляху з Дзятлава ў Казлоўшчыну- Слонім. 

Усім вядома, што Канстанцін Іванавіч Астрожскі валодаў Дзятлавам з 1498 па 1530 год. Двор і землі перадаваліся ў спадчыну. Падканцлер Вялікага княства Літоўскага Сапега Леў Іванавіч у 1608 годзе перадаў свае ўладанні, у склад якога ўваходзілі і навакольныя вёскі, сыну і князю Льву Казіміру Сапега. Можна выказаць меркаванне, што былі перададзены ва ўладанне і Яварскія землі. 

Гісторык і даследчык Леў Гурын у сваёй навуковай працы “ Сокращенная родовая, судебная и владельческая история князей Полубенских” адзначыў, што “…па завяшчанню свайго дзядзькі князя Льва-Казіміра Сапегі, падканцлера Літоўскага, Аляксандр-Гілярый Палубінскі (1626-1679) атрымаў у 1659 годзе памесці Здзецол, Явар, Вензавец, Глаўшэвічі, Віціноўку і Васілічы ў павеце Слонімскім, …Бешенкевічы ў павеце Полац- 32 кім і Зельву у павеце Валкавыскім”. Аўтар навуковай працы паведамляе і аб тым, што А.-Г. Палубінскі заснавальнік пры касцёле Дамініканцаў у Дзярэчыне курса філасофіі, алтара ў касцёле Базіліянцаў у Жыровічах, пабудаваў для сваіх подданых цэрквы ў Вазавіцы, Дзярэчыне, Здзецеле, Горках і Бабруйску. Ён памёр 3 лістапада 1679 года і быў пахаваны 7 снежня ў вёсцы Дзярэчын. Землі і маёмасць на іх перашла па наследству да сына Кшыштафа Палубінскага. 11 кастрычніка 1672 года яго дачка Ганна-Марыя была выдадзена замуж за князя Дамініка Радзівіла. 

22 жніўня 1685 года паміж дваімі сёстрамі і іх мужамі было заключана пагадненне аб раздзеле ўнаследаваных памесцяў. “Дамінік Радзівіл, падканцлер і яго жонка Ганна-Марыя княжна Палубінская” атрымалі ў сваё валоданне памесці Глуск Дубровіцкі, Рудабелку, Цімкавічы, Кольчыцы, Быстрыца ў Навагрудскім ваяводстве; Здзецел, Явар, Вязавец, Гарадок – у Мінскім ваяводстве, палац у Варшаве на вуліцы Мядовай, двары ў Гродне і Навагрудку. 

Актам ад 17 верасня 1685 года ён адпісаў сёстрам атрыманыя ад бацькі памесці Явароў, Здзецел, Вязавец у Слонімскім ваяводстве, Зельву ў Ваўкавыскім ваяводстве і іншыя. Пасля гэтага ён амаль што адразу і памёр”. 

Дамінік Мікалай Радзівіл валодаў Дзятлавам і навакольнымі памесцямі да 1687 года. Яго жонка Ганна-Марыя памерла ў 1690 годзе. Вялікую ролю адыграў у развіцці Дзятлаўшчыны і Мікалай Фаустын Радзівіл, які валодаў землямі нашага краю да 1746 года. Затым уладарнічалі ўдальрык Крыштаф Радзівіл, Станіслаў Радзівіл. 

Згодна легенды “Вяселле ў Радзівілаўскім замку”, у в. Явар у XVIII стагоддзі знаходзіўся замак У. Радзівіла, падземны ход, працягласцю 25 км. каля Лукашова саду, які вядзе ў Навагрудак. Яна расказвае, што паміж вёскай Явар і Сачыўляны стаяў калісьці замак грознага князя з рода Радзівілаў. І была ў князя дачка, якая збіралася выходзіць замуж. Рашыў князь такое вяселле згуляць, каб надоўга запомнілася як гасцям, так і простаму люду. 

І вось у спякотны дзень з варотаў замка выехалі ўпрыгожаныя сані, у якія былі запрэжаныя тры мядзведзі, а ўздоўж дарогі стаяў просты люд, які сагналі сюды, каб прывітаць маладых. 

Напярэдадні вяселля людзі не спалі цэлую ноч, пасыпалі дарогу цукрам, каб на ёй можна было ехаць пад вянец у санях. Аднак нядоўга працягвалася ў замку вяселле: паўсталі сяляне. Доўга кіпела бітва, у час якой людзі бачылі, як ў агні мільгацелі цені постацяў старога князя Радзівіла і яго дачкі. А на наступны дзень наляцела з Навагрудка шляхта на чале з князем Радзівілам. 

Кажуць, быццам бы па падземнаму ходзе ўцёк князь са сваёй сям’ёй у сам Наваградак і вярнуўся, каб расправіцца з бунтарамі. 

Калі Радзівілы валодалі землямі, Рэч Паспалітая перажывала эканамічны і палітычны заняпад, вяліся войны з Рускай дзяржавай і Швецыяй. Большасць вёсак была разбурана. 

Паўночная вайна (1700-1721 г.) Рэчы Паспалітай, Расіі і Швецыі закранула і яварскую зямлю. На шляху да Слоніма праз Явар на Казлоўшчыну рухаліся шведы. Тут, на захад ад Явара, адбылася бітва рускіх і шведскіх войск. Аб гэтым сведчыць курган-магільнік. 

Першы курган пакрыты дзірваном, вышыня 1,2 м. Падножжа мае форму авала, дыяметрам 15 м. З першых дзён вайны 1812 года (паміж Расіяй і напалеонаўскай Францыяй) праз тэрыторыю Дзятлаўшчыны праходзіла руская армія пад камандаваннем П.І. Баграціёна. Адступаючы, армія несла страты. 

Каля вёскі Явар па трасе Явар-Казлоўшчына адбылася бітва рускай арміі з французамі. Тут, на паўднёвым усходзе вёскі Явар знаходзіцца “курган-магільнік” – пахаванне рускіх і французскіх салдат. 

Зяць Станіслава Радзівіла – Станіслаў Солтан (1756-1836) выкупіў у яго Дзятлаўскія землі, але яны былі перададзены Расійскай дзяржаўнай казне пасля падаўлення польскага нацыянальнага паўстання 1831 года. 

Знаходзячыся пад уладай Расійскай імперыі, вёска Явар нічым значным не выдзялялася сярод населеных пунктаў Дзятлаўшчыны. Вядома, што пэўны час дваром Явар валодала маці генерала Парыжскай Камуны Валерыя Антонія Урублеўскага Разалія Юроўская. 

Бацька і маці Валерыя Урублеўскага жылі ў мястэчку Жалудок, дзе ў1836 годзе нарадзіўся Валерый. На пераломе стагоддзя пасля пераезду сям’і Ўрублеўскага ў г. Гродна зямля належала іх родзічам Багушэвічам.

З гістарычных дакументаў вядома, што ў 1900 годзе ў вёсцы Явар працавала народнае вучылішча, якое давала дзецям пачатковую адукацыю.

Існуе афіцыйны дакументпасведчанне выдадзенае Буйко Сцяпану Гаўрылавічу аб заканчэнні курса навучання Яварскага народнага вучылішча ў1900 годзе. 

Аб Расійскай імперскай прысутнасці падцвярджае і той факт, што да сёняшняга дня на вясковых могілках вёскі Явар ёсць магіла палкоўніка імператарскай арміі Маслакаўца. 

Першая сусветная вайна 1914-1918 г.г. закранула і Яварскую зямлю. Адзін з жыхароў вёскі Буйко Сцяпан Гаўрылавіч быў мабілізаваны ў 2-ую дзеючую армію Самсонава, якая пацярпела паражэнне ва ўсходняй Прусіі. Яму ўдалося праз польскія лясы выйсці з акружэння і трапіць у лік бежанцаў каля горада Познань. 

Сярод ўдзельнікаў у Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі быў Касцюшка Аляксандр Карпавіч. Гэта ён разам з астатнімі штурмаваў Зімні палац. 

Сведкам паходу Чырвонай Арміі ў 1920 годзе на Варшаву з’яўляецца магіла чырвонаармейца Івана, якую даглядае мяцовы жыхар вёскі Явар Буйко Міхаіл Мікалаевіч. 

Па Рыжскаму дагавору 1921 года да 1939 года Яварская зямля знаходзіцца пад уладай панскай Польшы. На гістарычнай карце 1923 года адміністрацыйная прыналежнасць значылася як фальварк Явар Навагрудскага ваяводства Слонімскага павета гміна сельская Раготна. 

Мясцовыя жыхары вёскі Явар і Сачыўляны Буйко Міхаіл Мікалаевіч, Адамік Алена Іванаўна, Барысевіч Георгій Уладзіміравіч, Жук Марыя Аляксандраўна, Ражко Лідзія Аляксандраўна, Белавус Любоў Іванаўна і іншыя прыпамінаюць падзеі мінулага вёскі ў час панавання буржуазнай Польшы перыяду 1921-1939 гадоў. 

Яварскімі землямі валодалі памешчыкі, якія наймалі на працу малазямельных мясцовых сялян-батракоў. Нездарма і сёння тэрыторыя ад былой Яварскай сярэдняй школы да былога сельскага клуба вёскі Сачыўляны па мясцоваму называецца “батракі”. 

На памяці людзей прозвішчы памешчыкаў і асаднікаў,якія валодалі маёнткамі. Сярод іх памешчык Руткоўскі, уладальнік вадзяной мельніцы Малашка, памешчыкі Новік і Плаўскі. 

У 1927 годзе была пабудавана яшчэ адна вадзяная мельніца, уладальнікам якой быў Рэгіневіч Адам. Па суседству з мельніцай Малашкі працаваў бровар па вытворчасці спірту і гарэлкі. 

Недалёка ад былой канторы калгаса “Новае жыццё” знаходзяцца мураваныя рэшткі замка Радзівіла (так іх называюць мясцовыя жыхары). Кажуць, што гэта быў двухпавярховы будынак у якім нават разводзілі стронгаў(фарэль). 

Існуе і легенда аб існаванні падземнага ходу. На прысядзібным участку, які належаў Венскай Наталлі Іванаўне, існуе невядомае, падземнае вельмі трывалае цаглянае мураванае збудаванне і мураваная пліта. Адразу за агародамі яварскіх сяльчан цяпер знаходзіцца поле і меліярацыйны канал па якім цячэ рэчка Пад’яварка. Раней там білі празрыстымі ключамі крыніцы, раслі вялікія вольхі, распаўсюджанымі былі дрэвы явар і каліна, шмат было хмызняку. Па мясцоваму гэта месца называлі “звярынец”. 

На высокім пагорку у 1926 годзе пачалося будаўніцтва праваслаўнай царквы. Першы будынак царквы будаваўся з астаткаў хутарской пабудовы сям’і Ермаловічаў, якія пражылі ва ўрочышчы Ліпавец. 

У 1927 годзе па тэрыторыі вёсак Явар, Сачыўляны прайшоў магутны ўраган, у выніку якога многія жылыя дамы і будынак царквы аказаліся часткова або поўнасцю разбураныя.Адразу пасля ўрагану пачалося аднаўленне будынка царквы. На агульным сходзе прыхаджан было прынята рашэнне будаваць царкву не драўляную, а з бетонных блокаў. Дзякуючы ахвяраванням насельніцтва навакольных вёсак, царква была пабудавана ў 1933 годзе. Блокі выраблялі на месцы пабудовы самыя жыхары.Тут жа каля царквы знаходзілася і пачатковая школа, у якой настаўнічала сям’я Гусараў. Недалёк пабудавалі дом для свяшчэнніка – плябанію. 

Жыхары вёскі Явар сустрэлі вызваленне ад буржуазнай Польшы 18 верасня 1939 года. Вясною 1940 года ў вёсцы Явар быў створаны першы калгас імя С.Будзеннага, у які ўступіла 15 жыхароў вёскі. Першым старшынёй калгаса быў Белы Вікенцій Паўлавіч. 

Вялікая Айчынная вайна прынесла гора і пакуты на Яварскую зямлю. Да канца чэрвеня 1941 года ўвесь Дзятлаўскі раён быў акупіраваны. Вёска Явар не стала месцам актыўных ваенных дзеянняў, але тут глубокай восенню 1941 года моладзь стварыла камсамольска-маладзёжнае падполле на чале з Сяргеям Белым. Многія мясцовыя жыхары падтрымлівалі сувязь з партызанамі, за што караліся акупантамі і паліцаямі. 

Так, Буйко Аляксандр Міхайлавіч быў схоплены паліцаямі, адпраўлены ў Дзятлаўскую турму, а затым спалены ў Курпешскай цагельні. Па заданню партызанскага атрада быў спалены будынак школы. Многія жыхары былі насільна вывезены акупантамі на прымусовыя работы ў Германію. 

9 ліпеня1944 года вёска была вызвалена ад нямецка-фашысцкай акупацыі. Пасля вызвалення пачаўся перыяд аднаўлення гаспадаркі. 

Вёска Явар у 1949 годзе з’яўлялася цэнтрам сельскага Савета і калгаса імя С.Будзённага. Першым старшынёй калгаса быў Белы Іосіф Сцяпанавіч. Брыгадзірам выбралі Адаміка Івана Рыгоравіча. Сярод першых камсамольцаў быў Урбан Мікалай Аляксандравіч. 

“З старых гумнаў у 1946 годзе на новым месцы пачалося будаўніцтва новай школы. Дырэктарам школы з 1948 па 1952 год працаваў Тамковіч І.Я., а першы выпуск дзясяцігодкі адбыўся ў 1951 годзе” – расказала першая выпускніца школы, настаўніца гісторыі пенсіянерка Адамік Алена Іванаўна. 

З 50-х гадоў ужо былога XX стагоддзя пачалася новая гісторыя вёскі, якая расказвае пра змяненні самой вёскі, аб цудоўных працавівых людзях нашага краю.

Источник:
М. І. Лук’янчык
00:58
863
Нет комментариев. Ваш будет первым!
Используя этот сайт, вы соглашаетесь с тем, что мы используем файлы cookie.