ДЯТЛОВО.BY ДЯТЛОВО.BY

На Дзятлаўшчыне ўшанавалі заходнебеларускіх паэтаў

На Дзятлаўшчыне ўшанавалі заходнебеларускіх паэтаў

Адразу ў дзьвюх вёсках Дзятлаўскага раёну адкрылі памятную шыльду і памятны камень у гонар мясцовых заходнебеларускіх паэтаў, імёны якіх дагэтуль малавядомыя ў Беларусі.

У вёсцы Труханававічы Дзятлаўскага раёну шыльду адкрылі на доме паэта Нікіфара Жальбы (сапраўднае прозьвішча Алесь Бяленка). На імпрэзу сабралася ўся вёска, цяпер тут жыве ўсяго каля сарака чалавек, а ў школу зь вёскі ходзіць толькі адно дзіця.

У Труханавічы прыехалі пісьменьнікі з Горадні, госьці са Слоніму і ансамбаль народнай творчасьці «Прымакі» з Дзятлава. Мясцовыя людзі казалі, што даўно ў іх вёсцы не было падобных сьвятаў. Дзятлаўскі краязнаўца і ініцыятар усталяваньня памятнай шыльды Валеры Петрыкевіч распавёў пра паэта, школьнікі прачыталія ягоныя вершы. На імпрэзе прысутнічалі дзьве дачкі паэта і ўнук — яны плакалі і дзякавалі арганізатарам.

Валеры Петрыкевіч, дзятлаўскі краязнаўца і ініцыятар усталяваньня памятнай шыльды

Валеры Петрыкевіч, дзятлаўскі краязнаўца і ініцыятар усталяваньня памятнай шыльды


Многія вяскоўцы добра памятаюць Жальбу, казалі пра яго толькі добрыя словы і часам, выціраючы сьлёзы, дадавалі, што не чакалі, каб нехта некалі ўзгадаў і іх землякоў. Пісьменьнік са Слоніму Сяргей Чыгрын зазначыў, што пры жыцьці Жальба ня выдаў ніводнай кніжкі, але ў міжваенны час друкаваўся ў беларускіх віленскіх выданьнях, і ягоныя вершы захаваліся ў газэтах, якія зараз знаходзяцца ў архівах. Чыгрын сказаў, што рыхтуе кнігу Жальбы.

Слонімскі пісьменьнік і краязнаўца Сяргей Чыгрын

Слонімскі пісьменьнік і краязнаўца Сяргей Чыгрын


— Сёньня гэта цяжка ўявіць, але чалавек у 20-30-я гады акрамя таго, што пісаў вершы, дасылаў у беларускія выданьні карэспандэнцыі аб жыцьці беларускай вёскі. Ён ужо тады быў адным з тых, хто распавядаў пра жыцьцё беларуса ў глыбінцы. І гэта даходзіла, з гэтага даведваліся аб тым, што адбывалася ў беларускай вёсцы. І асабліва ўражвае тое, што вершы 20-30- х гадоў, якія дайшлі да нас, у многім актуальныя. Вось некалькі радкоў:

...Хай цьвёрдую ў сэрцы надзею
Нясуць перамогі над злом
Нас выбіць ніхто не здалее
Турмою, жалезам, агнём!


Падобная імпрэза адбылася і ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёну. Толькі тут усталявалі памятны камень з шыльдай, на якой імёны трох паэтаў, якія нарадзіліся і пісалі ў Зачэпічах у міжваенны час: Пятрусю Граніту (сапраўднае прозьвішча Іван Івашэвіч), Гарасіму Праменю (Іван Пышко), Васілю Струменю (Аляксандру Лебедзеву) .

Памятны камень з шыльдай ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёну

Памятны камень з шыльдай ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёну


Сакратар Гарадзенскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Валянцін Дубатоўка падчас адкрыцьця памятнага камяня з шыльдай зазначыў, што ў Эўропе кожнае мястэчка і вёсачка імкнуцца ўшанаваць сваіх землякоў, якія яе праславілі, а ў Беларусі, маўляў, толькі адмыслоўцы могуць распавесьці, што тут нехта вядомы нарадзіўся. А ў кожнай беларускай вёсачцы ці мястэчку, паводле яго, абавязкова ёсьць каму ўсталяваць памятную шыльду.

Выступае старшыня Гарадзенскага саюзу пісьменьнікаў Валянцін Дубатоўка

Выступае старшыня Гарадзенскага саюзу пісьменьнікаў Валянцін Дубатоўка


Прафэсар Аляксей Пяткевіч з Горадні ўзгадаў, што быў знаёмы з гэтымі людзьмі. І памятае іх як сьціплых вясковых людзей, але пры гэтым вельмі таленавітых.

Прафэсар Аляксей Пяткевіч

Прафэсар Аляксей Пяткевіч


— Так некаторыя кажуць пра тое, што ў некага былі мацнейшыя ці слабейшыя вершы. Але хачу вам нагадаць, што гэтыя людзі займаліся нялёгкай вясковай працай, а потым знаходзілі час, каб пісаць вершы. І ня важна, што яны сталі менш вядомымі, скажам, за Максіма Танка, але яны жылі вялікай ідэяй шанаваньня роднай зямлі, праўды і справядлівасьці і дзеля гэтага пісалі. Яны засталіся ў літаратуры і застануцца ў памяці ўсіх нас.

Сябра ТБМ зь Ліды Станіслаў Суднік зазначыў Свабодзе, што вельмі задаволены тым, што адбылося сёньня ў Труханавічах і Зачэпічах:

Станіслаў Суднік

Станіслаў Суднік


— Радасьць яшчэ і ў тым, што гэта робіцца па ўсёй Беларусі, у многіх такіх вёсачках гэты працэс нібы самарэгулюецца незалежна ад уладаў, і па ўсёй Беларусі ідзе гэты рух. І гэта азначае, што нашу гістарычную памяць мы ўмацоўваем, а ня трацім.

Найбольш перахваляваўся сёньня краязнаўца зь Дзятлава Валеры Петрыкевіч, які і выступіў ініцыятарам усталяваньня памятных шыльдаў. Ён дзякаваў сябрам ТБМ, на складкі якіх замаўляліся шыльды, дзякаваў сваім фундатарам, былым вучням, якія сталі ягонымі аднадумцамі, дзякаваў прадстаўнікам улады і супрацоўнікам музэю ў Дзятлаве за тое, што ніхто не адмовіў у дапамозе, дзякаваў вяскоўцам і сваякам паэтаў.

Валеры Петрыкевіч разам са школьнікамі побач з памятным камянём у Зачэпічах

Валеры Петрыкевіч разам са школьнікамі побач з памятным камянём у Зачэпічах


— Ідэя ўшанаваць нашых паэтаў у мяне нарадзілася даўно, відаць, перадалося на генным узроўні, бо тата ўсё жыцьцё толькі гэтым і займаўся і працаваў у музэі. У яго часта бывалі ў гасьцях Янка Брыль, Уладзімер Калесьнік, ён сябраваў і ведаў гэтых нашых мясцовых паэтаў, падтрымліваў іх. І гэта стала як бы маім абавязкам — ушанаваць нашых дзятлаўскіх паэтаў, якія практычна забытыя нават там, дзе яны жылі і працавалі. Я сёньня вельмі шчасьлівы і дзякуй усім за дапамогу.

Автор:
Міхал Карневіч
Источник:
1582
Нет комментариев. Ваш будет первым!
Используя этот сайт, вы соглашаетесь с тем, что мы используем файлы cookie.