Свята бульбы прайшло ў Дзятлаўскім раёне — ДЯТЛОВО.BY

Свята бульбы прайшло ў Дзятлаўскім раёне

Свята бульбы прайшло ў Дзятлаўскім раёне

На свята бульбы белагурнаўцы найперш замовілі сабе ў “нябеснай канцылярыі” пагоду. Дзень парадаваў і сонейкам, і восеньскім цяплом, і някепскім настроем, які панаваў сярод вяскоўцаў.

На пляцоўцы ў цэнтры аграгарадка Белагурна прадпрымальнікі прапаноўвалі поп-корн, салодкую вату, працаваў батут, малыя маглі пакатацца на машынках. Але найбольшае захапленне ў дзятвы і дарослых выклікала з’яўленне роставых лялек, якія спявалі, танцавалі, весялілі прысутных прыпеўкамі. Малеча, можа, і мала што разумела з тых прыпевак, але колькі захаплення было ад таго Дзеда з Бабай, Бульбінкі, Лісы Патрыкееўны, Цыганкі, ролю якіх выконвалі юныя артысты Беларускага тэатра роставых лялек, якім кіруе Іван Каско.


IMG_3774.jpg


Гаспадыні свята Анжэла Вабішчэвіч і Святлана Венская запрасілі вяскоўцаў пазнаёміцца з выставай “Фантазія прыроды і чалавека”. Дзятва з аб’яднання “Сонейка”, да якой далучыліся і дарослыя, падрыхтавала вырабы з бульбы. На выставе можна было пабачыць Вясёлых Парасят, Бегемоцікаў на адпачынку, Запаслівага вожыка, Курыную сямейку, Сябровак-весялух і нават Спячага мядзведзя. Іх зрабілі з бульбін Каця Савельева, Віка Рылко, Алёна Лазарэнкова, Паліна Швайдзюк, Анастасія Добыш.


А якое ж свята без выставы бульбяных страваў? Жанчыны з клуба “Сучасніца” Святлана Драб, Галіна Клок, Наталля Венская, Вера Добыш парупіліся пра выставу “Бульбяны пір”. Яны прыгатавалі бульбяныя катлеты, пірагі з грыбамі, бульбяныя бліны з мясам, з сырнай начынкай, бульбу фры, бульбяную піцу, бульбачку са шкваркамі, з агуркамі. Адным словам – смакату.


IMG_3916.jpg


У альтанцы можна было за 50 капеек пачаставацца юшкай і стравамі з бульбы. А непадалёку работнікі культуры з Наваельні і Хвінявічаў Таццяна Загорцава і Алена Сіўко прапаноўвалі вырабы ўдзельнікаў аб’яднання “Скарбніца” і бяспройгрышную латарэю.


На сельскую вясёлую эстафету сабраліся пяць камандаў – сельгаскааператываў “Граніт-Агра”, “Белагурна”, “Войневічы”, “Слава працы”, “Дварэц-Агра”. Пераважная большасць балельшчыкаў, зразумела, падтрымлівала сваю, белагурнаўскую, каманду. Але ёй крыху не хапіла ўдачы, каб стаць пераможцай. Прадстаўнікі СВК “Белагурна” занялі другое месца. Перамагла ў эстафеце, як і на папярэднім свяце яблыкаў, каманда СВК “Слава працы”. “Залаты дубль” зрабілі капітан каманды Аляксандр Бяляўскі і яго сябры Мікалай Сіняк, Андрэй Пякарскі, Галіна Дула, Таццяна Галавач.


Тройку прызёраў замкнуў СВК “Войневічы”.


IMG_3796.jpg
IMG_3843.jpg
IMG_3865.jpg

Усім камандам дасталося па мяху бульбы, а пераможцам – яшчэ дыпломы і прызы.


Дзякую ўсім камандам і тым, хто іх падтрымліваў! – зазначыў старшыня журы Васіль Шыцько. – Усе паказалі сваё імкненне да перамогі, а яе атрымалі мацнейшыя.


Сваю сілу, спрыт, хуткасць моладзі давялося выяўляць і ў сур’ёзных, і ў жартоўных конкурсах: капаем бульбу, спрытны капітан, бульбяны асілак, бульбяны камбайн, самая высокая піраміда.


Канцэртную праграму для вяскоўцаў падрыхтавалі дзятлаўскія “Прымакі” і артысты з Карэліцкага раёна.


IMG_3897.jpg
IMG_3909.jpg
"Перамога"
Поделиться:
Автор:
газета "Перамога"
Источник:
980
RSS
Нет комментариев. Ваш будет первым!
ДЯТЛОВО.BY © 2008-2020