ДЯТЛОВО.BY ДЯТЛОВО.BY

В преддверии профессионального праздника о Дятловском ОДО

В преддверии профессионального праздника о Дятловском ОДО

29 кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаць работнікі Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь – аднаго з самых мабільных і тэхнічна забяспечаных міліцэйскіх падраздзяленняў нашай краіны. Аб службовых буднях Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы расказаў начальнік аддзела Дзмітрый Харошка.

– Дзмітрый Іванавіч, з якім настроем сустракаеце прафесійнае свята?

– З добрым, бо па паказчыках работы ў 2019 годзе працуем з “плюсам”. Акрамя асноўнай задачы па ахове маёмасці, уносім істотны ўклад у забеспячэнне правапарадку і барацьбу са злачыннасцю. Калі спыняцца на ахове аб’ектаў, па-першае, намаганні нашых работнікаў скіраваны на недапушчэнне крадзяжоў з іх, па-другое, імкнёмся павялічваць колькасць аказваемых ахоўных паслуг. Гэта тычыцца міліцэйскай, вартавой, пультавой аховы – ва ўсіх пералічаных накірунках нашай дзейнасці адзначаецца станоўчая дынаміка.

_MG_5393

Што тычыцца службовых будняў, то міліцэйскаму саставу аддзела найчасцей даводзіцца рэагаваць на спрацоўванне кнопак трывожнай сігналізацыі, адміністрацыйныя правапарушэнні, папярэджваць дробныя крадзяжы з ахоўваемых аб’ектаў. Група сродкаў і сістэмаў аховы займаецца мантажом і наладкай ахоўнай і пажарнай сігналізацый, сістэмаў відэаназірання. З 2017 года гэта служба даволі запатрабаваная, паколькі ў горадзе і раёне актыўна вядзецца ўстаноўка сістэмаў відэаназірання. Разам з тым, наш аддзел ахоўвае 376 аб’ектаў рознай формы ўласнасці, сярод якіх 240 – гэта кватэры і домаўладанні жыхароў раёна. Абсталяваны кнопкамі трывожнай сігналізацыі для прадухілення супрацьпраўных дзеянняў усе ўстановы адукацыі Дзятлаўшчыны. Дзякуючы прафесіяналізму і зладжанай рабоце супрацоўнікаў аддзела на ахоўваемых аб’ектах сёлета небяспечных сітуацый і здарэнняў не было.

– Мяркую, дасягненню станоўчых вынікаў работы спрыяе і тэхнічная забяспечанасць?

– Наш аддзел – гэта мабільная служба, забяспечаная сучаснымі тэхнічнымі сістэмамі і сродкамі аховы, спецыялізаваным аўтатранспартам, сродкамі індывідуальнай абароны, службовымі сабакамі. Згодна з патрабаваннямі часу, адбылася мадэрнізацыя аўтаматызаванай сістэмы апавяшчэння “Алеся” з устаноўкай новага абсталявання УПА-GSM, якое працуе па канале сувязі 3G. Сучасная тэхналогія дазваляе ажыццяўляць больш якасную сувязь і перадачу сігналаў трывогі, таму стала менш аварый, стратаў сувязі, ілжывых “спрацовак”.

Усе службовыя аўтамабілі ў нас абсталяваны навігацыйнымі маніторынг-сістэмамі, што дазваляе адсочваць рух групы нарада затрымання па горадзе, выбіраць аптымальныя маршруты для хуткага прыбыцця па сігнале трывогі. Дзякуючы гэтаму ўдаецца стрымліваць і папярэджваць правапарушэнні, заслужана карыстацца даверам жыхароў раёна.

– Дзмітрый Іванавіч, раскажыце пра калектыў аддзела.

– У Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы працуюць 120 чалавек вольнанаёмнага і міліцэйскага саставу. І я ўпэўнены, што галоўны патэнцыял нашай службы – гэта менавіта людзі, якія аддалі рабоце шмат гадоў. Сярод супрацоўнікаў з працяглым стажам варта назваць прапаршчыкаў міліцыі Сяргея Грыцука, Аляксея Сілава і Андрэя Жэгаліка, сярод вартавога саставу – Уладзіміра Уліту,Аляксандра Урадзімскага іУладзіміра Юшкевіча. Шмат гадоў бухгалтарам у аддзеле працуе Тамара Цярэшка. Вынікова працуюць дзяжурная пульта ўпраўлення Святлана Цішковіч, электраманцёр Павел Лішык. Нельга не ўзгадаць нашых ветэранаў – былых начальнікаў Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы Мікалая Марука, Івана Сямашку іСцяпана Мацюкевіча, а так сама былога начальніка аховы аб’ектаў Аляксандра Дзядульку. Хачу адзначыць былых міліцыянераў, якія даслужыліся да пенсіі і перайшлі ў вартавы састаў аддзела – кантралёра па ахове аб’ектаў Вячаслава Франюка, кантралёра Сяргея Гародку, вартаўніка Міхаіла Дораша.

– Як трапіць да вас на службу, якім патрабаванням павінен адпавядаць кандыдат?

– Што тычыцца міліцэйскага саставу, то гэта павінны быць маладыя людзі ва ўзросце да 25 гадоў, здольныя па сваіх асабістых, маральных і дзелавых якасцях, стане здароўя, узроўні адукацыi выконваць задачы, ускладзеныя на органы ўнутраных спраў. Калі ж чалавек прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці (па некаторых артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях або больш за чатыры разы) або крымінальнай адказнасці, яго кандыдатура не будзе разглядацца.

Сярод “бонусаў”, якія чакаюць будучых супрацоўнікаў нашага аддзела – стабільная зарплата, сацыяльныя гарантыі, вызначаныя дзяржавай, дружны, зладжаны калектыў. Дарэчы, каманда нашага аддзела неаднаразова ўдзельнічала ў раённых спартыўных мерапрыемствах, займала прызавыя месцы, выступала за гонар аддзела і за раён на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.

– Што пажадаеце работнікам і ветэранам службы да прафесійнага свята?

– Моцнага здароўя, удачы, дабрабыту, поспехаў у службовай дзейнасці і сямейных справах, фінансавай стабільнасці.

Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць усім нашым заказчыкам, з якімі ў аддзела ёсць дагаворныя адносіны, раённаму выканаўчаму камітэту, раённаму Савету дэпутатаў, сілавым структурам – за разуменне і падтымку ў вырашэнні дзяржаўнай задачы.

Автор:
Дятловский ОДО
Источник:
596
Нет комментариев. Ваш будет первым!
Используя этот сайт, вы соглашаетесь с тем, что мы используем файлы cookie.