ДЯТЛОВО.BY ДЯТЛОВО.BY

Аэрадромы на Дзятлаўшчыне

Аэрадромы на Дзятлаўшчыне

За гісторыю свайго існавання на тэрыторыі нашага раёна адбываліся падзеі, якія цесным чынам звязаны з гісторыяй нашай Рэспублікі. 

Пасля знакамітых падзей верасня1939 года наша Дзятлаўшчына ўваходзіла ў склад Баранавіцкай вобласці. На яе землях часткова размяшчалася Заходняя Асобая Ваенная Акруга. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыях Беластоцкай і Баранавіцкай абласцей было вырашана пабудаваць значную частку ваенных аэрадромаў для патрэб ваенна-паветраных сіл Чырвонай Арміі. Згодна загада наркома ўнутраных спраў № 00328 ад 27 сакавіка 1941 года было створана Галоўнае ўпраўленне аэрадромнага будаўніцтва. На НКУС (наркамат унутраных спраў) было ўскладзена выкананне Пастановы СНК СССР і ЦК УКП(б) аб будаўніцтве аэрадромаў. Усяго планавалася пабудаваць 61 аэрадром. Работы павінны былі выконваць вязні лагераў, асуджаныя да выпраўленча-працоўных работ, будаўнічыя батальёны і мясцовае насельніцтва на ўмовах падраду. 

На тэрыторыі Баранавіцкай вобласці было запланавана пабудаваць 14 аэрадромаў і пад №139 значыўся аб’ект ў мястэчку Дварэц. Было выбрана месца: паміж вёскамі Дварэц і Васявічы, на левым боку ад дарогі, якая вядзе на Раготна.Тэрмінамі для будаўніцтва і здачы ў эксплуатацыю дзвюх узлётна-пасадачных палос і дапаможных аб’ектаў для абслугоўвання аэрадрома вызначаліся з красавіка па 15 чэрвеня 1941 года. Першыя работы на аб’екце №139 пачаліся ў пачатку мая 1941 года. 

Адразу патрэбна адзначыць, што пэўную пошука-краязнаўчую работу па гісторыі будаўніцтва аэрадрома ў м. Дварэц правялі вучні Дварэцкай СШ пад кіраўніцтвам Ляўкевіч Н.М. Яны запісалі ўспаміны некаторых сведак будаўніцтва.  

“Вясной 1941 года, на поўдзень за 2 км ад сядзібы Пратасевіча, пачаліся будаўнічыя работы. Прывезеныя аднекуль схуднелыя, брудныя людзі, напэўна вязні, расчышчалі поле, карчавалі лес. Начавалі яны ў дашчатым бараку, які быў збіты тут жа на хуткую руку. Мясцовае насельніцтва таксама абязалі падводамі вазіць гравій, пясок і камень з чыгуначнай станцыі Дварэц. На будоўлі працавалі два грузавікі. Хутка насельніцтва ведала, што будуецца аэрадром. Калі першая паласа ў пачатку чэрвеня была амаль што пабудавана, прылятаў некалькі разоў генерал на самалёце. Але аэрадром не быў пабудаваны канчаткова”, – успамінаў Рамашка Георгій Іванавіч. Яшчэ адна сведка – Бяляк Валянціна Раманаўна, прыпамінала, што ў нядзелю, 22 яэрвеня 1941 года, прыляталі нямецкія самалёты. На недабудаваны аэрадром было скінута 5 бомбаў, а чыгуначную станцыю не бамбілі. 

У час нямецка – фашысцкай акупацыі ў м.Дварэц было створана яўрэйскае гета. Асуджаныя на смерць яўрэі вымушаны былі будаваць вузкакалейную чыгуначную дарогу. Яна павінна была звязаць чыгуначную станцыю Дварэц з піларамай Пратасевічаў. Там распілоўваўся лес, які вывозіўся ў Германію. Пясок, гравій, шчэбень бралі з недабудаванага разбітага аэрадрома. Вузкакалейка была пабудавана толькі да рэчкі. 

У 70-х гадах ужо былога XX-га стагоддзя ўздоўж чыгункі і шасейнай дарогі Дварэц – Выгада – Харашкі была падрыхтавана травяная ўзлётна-пасадачная паласа для самалётаў сельскагаспадарчай авіацыі Ан-2. У час правядзення аперацыі “Баграціён” па вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у канцы ліпеня – пачатку жніўня 1944 года за г.п. Наваельня знаходзіўся ваенны грунтовы аэрадром, дзе размяшчаўся 46-ы гвардзейскі Таманскі жаночы авіяцыйны полк. Ляталі на самалётах По-2, а затым У-2. У кнізе “Памяць. Дзятлаўскі раён” надрукаваны ўспаміны Р.Е.Аронавай, былой лётчыцы гэтага палка аб падзеях, звязаных з гэтым аэрадромам. 

Акрамя падзей, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, цікавымі з’яўляюцца падзеі з існаваннем на тэрыторыі нашага раёна яшчэ некалькіх аэрадромаў з бетоннымі і грунтовымі ўзлётна-пасадачнымі палосамі. 

Сёння многія жыхары вёсак Агароднікі і навакольных вёсак у час збору ягад і грыбоў ходзяць збіраць іх на “аэрадром”. Так называецца месца, дзе па словах жыхара в. Хвінявічы Радомскага ў.І., у перыяд з1959 па 1961 год была абсталявана грунтовая ўзлётна-пасадачная паласа для самалётаў. Гэта быў запасны ваенны аэрадром, які пралягаў каля вёсак Агароднікі – Разважжа–Жыбарты і выцягваўся ў накірунку в. Страла. Сюды прыляталі самалёты Ан‑2. Тут жа часова размяшчаліся ваенныя падраздзяленні, якія праводзілі воінскія вучэнні. Ноччу часта праз вёскі праходзілі танкі ў накірунку аэрадрома, днем жыхары назіралі за тым, як спускаліся з нябёс парашутысты. Жыхарка в. Агароднікі Каспяровіч М.І. успамінае аб тым, як у вёску прыходзілі салдаты і праводзілі абмен некаторых вайсковых рэчаў на прадукты харчавання. Вучні былой Жыбартоўшчынскай школы прыпомнілі тыя выпадкі, калі выступалі з канцэртамі для ваеннаслужачых і арганізоўвалі сумесныя танцавальныя вечары. 

Яшчэ адна гісторыя звязана з аэрадромам каля г.п.Казлоўшчына. Ён размяшчаўся адразу за стадыёнам Казлоўшчынскай школы. Гэты аэрадром прымаў самалёты Ан-2 сельскагаспадарчага, медыцынскага і пажарнага прызначэння. Вучні школы часта назіралі за пасадкай верталётаў. Па словах відавочцы, жыхара паселка Барысевіча В.А., ужо ў 1961 годзе ён прыляцеў сюды санітарным самалетам, таму што Слонімскі аэрадром быў закрыты на рамонтныя работы. Былі выпадкі, калі цяжкахворых Казлоўшчынскай ці Дзятлаўскай бальніц адпраўлялі самалётам “на Гродна”. 

За вёскай Норцавічы да сеняшняга дня знаходзяцца невялікія плошчы ўзлётна-пасадачнай паласы з цвердым пакрыццем для самалетаў Ан-2. Моладзь навакольных вёсак выкарыстоўвала гэты аэрадром для трэніровак па ваджэнню матацыклаў і аўтамабіляў. Жыхары ўспамінаюць і аб авіяцыйнай катастрофе самалета, якая адбылася на гэтым аэрадроме. За вёскай Раготна таксама бала падрыхтавана паласа для самалётаў сельскагаспадарчай авіяцыі. Пры дапамозе самалётаў праводзілася падкормка сельгаскультур і хімічная апрацоўка пасяўных плошчаў. Ёсць звесткі аб тым, што ў 1979 годзе два летчыкі і механізатар саўгаса Раготна ў час авіяцыйнай катастрофы разбіліся на самалеце Ан-2 над тэрыторыяй Навагрудскага раена. 

Такім чынам, Дзятлаўская зямля мае цесныя сувязі з летнай авіяцыяй, якая садзейнічала сельскагаспадарчаму, медыцынскаму і іншым напрамкам развіцця нашага раёна. Шмат пытанняў аб размяшчэнні авіяцыі на тэрыторыі раёна яшчэ патрабуе больш дакладнага вывучэння. Гэта можа быць полем дзейнасці для школьных пошукава-краязнаўчых атрадаў і экспедыцый.

Источник:
М. І. Лук’янчык
23:22
1103
Нет комментариев. Ваш будет первым!
Используя этот сайт, вы соглашаетесь с тем, что мы используем файлы cookie.