ДЯТЛОВО.BY ДЯТЛОВО.BY

З гісторыі Дзятлаўскага раёна

З гісторыі Дзятлаўскага раёна

Сучасны горад Дзятлава гістарычна стасуецца з паселішчам, якое ў пісьмовых крыніцах узгадваецца як "двор Здетело". У 1498 годзе двор быў падараваны Вялікім князем Літоўскім Аляксандрам гетману князю Астрожскаму. Згодна дарчага акта К. Астрожскі меў права заснаваць мястэчка. Звычайна з перадачай двара да яго далучалася і наваколле.

Інвентар 1580 года засведчыў у здетельскім уладанні вёскі з прылеглымі “грунтамі”: Ахонава, Вусце, Заполле, Засецi (сучаснае Засецце), Нарбутовiчы (Нарбутавiчы), Клiшэвiчы (Клiшавiчы), Курпеші (Курпяшы), Норчевiчы (Норцавiчы), Пiнчiчi (Пенчыцы), Покгіры, (Погіры), Раклевiчы, Розважа (Разважжа), Ходевічы (Хадзяўляны), Ятвязь (Ятвезь), а таксама вёскі Хведевечы, Неоселое на Корсніку, Кунашэвiчы, Промшва i “Новоосажонае ў Новiнах”. Па нашых падліках, агульная плошча ўладання, у якое ўваходзілі пералічаныя паселішчы з “грунтамі”, склала звыш 283 квадратных кiламетраў.

У 1507 годзе Сігізмунд І пацвердзіў права князя Астрожскага на двор Здетело. Паселішча мясцілася па абодвух берагах ракі Дзятлаўкі і яе прытока Памарайкі.

Паводле інвентара 1580 года, адміністрацыйным цэнтрам паселішча быў двор на левым беразе Дзятлаўкі, які належаў К. К. Астрожскаму. Залежнае ад князя насельніцтва жыхаравала на правабярэжжы паўзбоч рынка і прылеглых да яго вуліц.

З цягам часу праз дынастычныя шлюбы ўладанне пераходзіць да роду Сапегаў. Ад іх – да Палубінскіх. 17 верасня 1685 года Вензавец і Явар, якімі валодаў бяздзетны князь К. Палубінскі і мястэчка разам з навакольнымі вёскамі надоўга трапляе ў валоданне Радзівілаў. Такім чынам абшары, “падпарадкаваныя” Здетелу, павялічыліся.

У 1770 годзе Здетела адкупіў зяць Станіслава Мікалая Радзівіла надворны маршалак Станіслаў Солтан. Праз паўстагоддзя сын графа Адам Солтан прыняў удзел у паўстанні 1830 – 1831 гадоў. З гэтай прычыны маёмасць удзельніка паўстання была з 1836 года адабрана ў дзяржаўную ўласнасць Расійскай імперыі.
У Расійскай імперыі не аднаго разу адбываліся адміністрацыйна-тэрытарыяльныя перадзелы. Праз іх тэрыторыя з цэнтрам у Дзятлаве значна павялічылася. Паводле перапісаў 1878 і 1800 гадоў у склад Дзятлаўскай воласці Слонімскага павета ўваходзіла 31 паселішча: мястэчка Дзятлава (цэнтр воласці), вёскі Ахонава, Баравікі, Боцкавічы, Бубны, сяло Вензавец, вёскі Вусце, Галаўлі, Гірыкі, Заполле, Засецце, Змяёўцы, Клішавічы, Коскі, Курпяшы, Малдуці, Маскалёўцы (на той час Маскалі), Міклашы, Нарбутавічы, Норцавічы, Пенчыцы (Пінчыцы), Плябанавічы, Раклевічы, Рыбакі, Савічы, Серафіны, Страла, Хадзяўляны, Юравічы, Ятвезь, Яцукі.

Заўважым, што Вензавец, вядомы з першых пісьмовых крыніц XV стагоддзя, лічыўся не вёскай, а сялом, што сведчыць пра яго асаблівы статус – як больш значнага паселішча.

Затым на шэраг дзесяцігоддзяў адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел стабілізаваўся.

Мы не прыводзім звестак пра 20-30-я гады ХХ стагоддзя, таму што заходнія беларускія землі былі акупаваныя Польшчай.

Пасля вызвалення заходняй Беларусі ў верасні 1939 года 15 студзеня 1940 года быў утвораны Дзятлаўскі раён у складзе Баранавіцкай вобласці з раённым адміністрацыйным цэнтрам у гарадскім пасёлку Дзятлава. Колькасць насельніцтва пасёлка на той час складала 8,3 тысячы чалавек.
Затым была Вялікая Айчынная вайна. Дзятлаўскі раён быў адноўлены пасля вызвалення тэрыторыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па просьбе кіраўнікоў раёна з 17 сакавіка 1945 года раённы цэнтр на два гады быў перанесены з Дзятлава ў Наваельню з ранейшым найменаваннем раёна.

У 1945 годзе ў складзе Дзятлаўскага раёна было 151 паселішча (звесткі намі ўзяты з раённай газеты, якая на той час называлася “За новую вёску”): гарпасёлкі Дзятлава і Новаельня, месца Дварэц, вёскі Абелькавічы, Агароднікі (сёння Парэцкі сельсавет), Агароднікі (сёння Мяляхавіцкі сельсавет), Азераны, Алёхнавічы, Аляксандравічы, Аханяны, Ахонава, Бандары, Баравікі, Барышына, Басіна-Апаліна, Барташкі, Бернатаўшчына, Берозаўка, Боцкавічы, Брычыцы, Бубны, Бутвілавічы, Валоўнікі, Варакомшчына, Васевічы, Ведравічы, Вензавец, Венскі, Галаўлі, Ганчары, Гязгалы, Гернікі, Гірыкі, Гірычы, Глушыца, Гнаінскія, Данілавічы, Дзеракі, Дубатоўка, Дубраўка, Дудзічы, Еленка, Жадзейкі, Жукоўшчына, Жыбарты, Жыхі, Заполле, Засеце, Зачэпічы, Зарой, Змяёўцы, Івезь, хутар Кабыльчыцы, Кажухоўцы, Каменка, Карыца 1, Карыца 2, Каршакі, Касцюкі, Каўпінскія, Кашкалы, Клішавічы, Коскі, Коцькі, Краглі Вялікія, Краглі Малыя, Крамяніца, Круцілавічы, Кузмічы, Кулікоўшчына, Курпешы, Лагуны, Лапушна, Латышы, Лезневічы, Ліжэйкі, Літаварцы, Лудзічы, Ляды, Малдуце, Марозавічы, Маскалёўцы, Міклашы (сёння Дзятлаўскі сельсавет), Міклашы (сёння Вензавецкага сельсавета), Міроўшчына, Муляры, Нагародавічы, Нагорнікі, Накрышкі, Нарбутавічы, Немковічы, Несілавічы, Новасады, Новасёлкі (частка сённяшней Наваельені), Новасёлкі (сёння Рудаяварскага сельсавета), Новасёлкі (сёння Таркачоўскага сельсавета), Новікі, Норцавічы, Палонка Вялікая, Палонка Малая, Палубачкі, Панікарты, Паніква, Парэчча, Паўсаты, Пацаўшчына, Пенчыцы, Петрашы, Пецюкі, Плебанавічы, Погіры, Рабкі, Разважжа, Раклевічы, Раманавічы, Русакі, (сёння Парэцкага сельсавета), Рыбакі, Рыбалава, Рэпішча, Рэпкі, Савічы, Сарафіны, Сельвонкі, Сеневічы, Сіратаўшчына, Слайкоўшчына, Стараельня, Старына, Страла, Суцькі, Тарасавічы, Таркачы, Таўкуны, Труханавічы, Уланаўшчына, Усце, Філімоны, Хадзеўляны, Харашкі, Хвіневічы, Хрольчыцы, Цецейкі, Чудоўшчына, Юзефіны, Юравічы, Ятвезь, Яцукі, х. Бакшты, х. Залесная.

Чытач, вядома, заўважыць адрозненні ў назвах тагачасных і цяперашніх вёсак. Да гэтага прычыніліся і змены 60-70-х гадоў у беларускім правапісе, і недакладнае асэнсаванне зместу пры наступнай перадачы пісьмом беларускіх тапонімаў. Цяперашняя вёска Абелькавічы ў тыя гады называлася – Абяльковічы, сёння Азяраны, а тады – Азераны, Апаліна-Басіна – Басіна-Апаліна, Барташы – Барташкі, Бярнатаўшчына – Бернатаўшчына, Бярозаўка – Берозаўка, Буцвілавічы – Бутвілавічы, Васявічы – Васевічы, Войневічы – Вайневічы, Вусце – Усце, Вялікая і Малая Палонка – Палонка Вялікая і Палонка Малая, Вялікія Краглі – Краглі Вялікія і Малыя Краглі – Краглі Малыя, Вянскі – Венскі, Гезгалы – Гязгалы, Гнаінская – Гноінскія, Засецце – Засеце, Івязь – Івезь, Калпінскія – Каўпінскія, Карыца-1 і Карыца-2 – Карыца 1 і Карыца 2, Копці – Капці, Кузьмічы – Кузмічы, Курпяшы – Курпешы, Лезнявічы – Лезневічы, Лядзіны – Ляды, Малдуці – Малдуцце і Малдуце, Мядзвінавічы – Мядвінавічы, Навікі – Новікі, Навасады – Новасады, Навасёлкі – Новасёлкі, Нямковічы – Немковічы, Нясілавічы – Несілавічы, Плябанавічы – Плебанавічы, Пятрукі – Петрукі, Сілівонкі – Сельвонкі, Сінявічы – Сеневічы, Хадзяўляны – Хадзеўляны, Хвінявічы – Хвіневічы, Хомічы – Хамічы, Цяцейкі – Цецейкі, Чудаўшчына – Чудоўшчына, Юзэфіны – Юзефіны.

Раней быў хутар Залесная, у 1982 годзе ён перайменаваны ў Залесныя. Сёння не існуе. Раней быў хутар Бакшты, а сёння ўжо вёска. А такія паселішчы як Кабыльчыцы (хутар да 1969 года) і вёска Паніква (да 1975 года) зніклі. Зніклі вёскі Кулікоўшчына, Слайкоўшчына, Філімоны, пра якія не ўзгадвае кніга “Памяць. Дзятлаўскі раён”.

З 8 студзеня 1954 года раён перададзены ў склад Гродзенскай вобласці. У 1962 годзе расфарміраваны. 6 студзеня 1965 года Дзятлаўскі раён адноўлены. У сакавіку 1965 года Дзятлава ізноў стала раённым цэнтрам.

У 1982 годзе ў Дзятлаўскі раён уваходзіла 248 паселішчаў, 3 гарадскія пасёлкі, 16 хутароў. Паводле кнігі “Памяць. Дзятлаўскі раён”, у складзе Дзятлаўскага раёна ў канцы ХХ стагоддзя меліся 227 паселішчаў. Статус горада Дзятлава набыло па Указу Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб аднясенні гарадскога пасёлка Дзятлава Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання ад 21 верасня 1990 года.

Аўтар: Пётр Русаў

01:11
2393
Нет комментариев. Ваш будет первым!
Используя этот сайт, вы соглашаетесь с тем, что мы используем файлы cookie.