ДЯТЛОВО.BY ДЯТЛОВО.BY

У Дзятлаве павінна быць Алея славы знакамітых землякоў

У Дзятлаве павінна быць Алея славы знакамітых землякоў

Фёдар Красюк пасля заканчэння Мінскага педінстытута, вярнуўся на родную Дзятлаўшчыну. Працаваў настаўнікам, інструктарам-метадыстам на Дзятлаўскай базе юных турыстаў, адказным сакратаром раённай арганізацыі таварыства «Веды». З 1985 года цягам 24-х гадоў быў дырэктарам Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Цяпер Ф. Красюк на заслужаным адпачынку. Цікавіцца гісторыяй населеных пунктаў Дзятлаўскага раёна, ён аўтар кнігі «Зецела, або Падарожжа па старых вуліцах Дзятлава» (Гродна, 2013, 2015).

Чытаць далей…

– Спадар Фёдар, Вы шмат гадоў узначальвалі Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Што часцей за ўсё прыгадваецца з тых часоў?

– У тыя часы, калі я працаваў у гісторыка-краязнаўчым музеі, пачаў цікавіцца гісторыяй свайго роднага горада, збіраць звесткі пра вуліцы і мясціны, архіўныя фотаздымкі. Па-першае, я сам тут вырас, таму помню, дзе што знаходзілася ў горадзе. Па-другое, распытваў людзей свайго і старэйшага пакалення. З дапамогай знаёмых збіраў інфармацыю і нават не думаў, што гэта выльецца ў нейкі цэласны твор. Штуршком да выдання сабраных матэрыялаў стала падрыхтоўка горада да 500-годдзя. Некаторыя архіўныя звесткі пра вуліцы і плошчу горада дапамог знайсці гродзенскі гісторык Ігар Трусаў, частка матэрыялу была назапашаная мною. Усё гэта і склала кнігу пра вуліцы Дзятлава.

Я назваў кніжку «Зецела, або Падарожжа па старых вуліцах Дзятлава» як светлы ўспамін аб сваім маленстве. Зецела – гэта балцкая форма назвы Дзятлава. Чаму балцкая? Рэч у тым, што вакол Дзятлава ў старажытныя часы былі расселеныя балцкія плямёны прусаў і бартаў. Нягледзячы на ўплыў беларускага асяроддзя, беларускай і польскай моваў, яны збераглі праз вякі сваю гаворку. Жыхары навакольных вёсак так і гаварылі: «Пойдзем да Зецелы».

Да абласных «Дажынак», якія летась прымала Дзятлаўшчына, было прымеркаванае другое, дапоўненае, выданне кнігі. У яго дадаліся новыя звесткі пра ўладальнікаў Дзятлава, план мястэчка 1848 года і фотаздымкі.

– І ўсё ж пра гісторыю Дзятлаўшчыны і яе знакамітых ураджэнцаў вельмі мала напісана і выдадзена гісторыка-краязнаўчых кніг. Чаму так?

Напэўна, таму, што няма свайго пісьменніка-краязнаўца, які б ахвяраваў уласным часам са слабой надзеяй калі-небудзь выдаць сваю працу. Раённая ўлада не цікавіцца гісторыяй раёна. Няма грошай, скажа яна? Але калі быў загад выдаць кнігу «Памяць», то грошы, памятаеце, хоць з цяжкасцю, але знайшліся.

Каго са слынных людзей Дзятлаўшчыны трэба сёння ўшанаваць? Пра каго са знакамітых дзятлаўчанаў сёння наогул забыліся?

Я ў гарадскім парку зрабіў бы Алею славы сваіх знакамітых землякоў, людзей, якія нарадзіліся тут, нешта зрабілі для Дзятлаўшчыны (прыкладна, як у Свіслачы), змясціў бы не фотакарткі, а скульптурныя кампазіцыі. Прыклаў бы ўсе намаганні, каб зберагчы і адрэстаўраваць дзятлаўскі палац Радзівілаў, сядзібу сусветна вядомага вучонага Ігната Дамейкі ў Жыбартаўшчыне. Калі палац не ўключаць у наступную праграму па рэстаўрацыі помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, ён загіне, як амаль загінула сядзіба І. Дамейкі. Добра не ведаю, у якім цяпер стане парк у Міроўшчыне, дзе знаходзілася сядзіба Стравінскіх, сваякоў вядомага кампазітара, бо там даўно не быў. На тэрыторыі раёна трэба было б адзначыць месцы, дзе адбываліся цікавыя гістарычныя падзеі, дзе жылі людзі, якія нешта карыснае рабілі для свайго краю, паставіць ім памятныя знакі. Напрыклад, Канстанціну Астрожскаму, заснавальніку мястэчка, Казіміру Сапегу, які пабудаваў дзятлаўскі касцёл, Мікалаю Радзівілу, які аднавіў палац. паэту Юльяну Корсаку, вучонаму Тамашу Жаброўскаму, мастаку Вікенцію Дмахоўскаму, якія працавалі ў XIX стагоддзі. А таксама дзеячам нацыянальнага адраджэння, пісьменнікам і паэтам Вячаславу Адамчыку, Аляксандру Бяленку (Н. Жальба), Івану Івашэвічу (Пятрусь Граніт), Івану Пышко (Гарасім Прамень), Сяргею Сіняку (Сяргей Хмара), Віктару Шымуку. Сёння мы зусім забыліся пра дзеячаў яўрэйскага насельніцтва Дзятлава, а сярод іх ёсць і сусветна вядомыя асобы. Але ў першую чаргу трэба ўшаноўваць знакамітых беларусаў Дзятлаўшчыны.

Автор:
Сяргей ЧЫГРЫН, Фота аўтара
Источник:
1425
Нет комментариев. Ваш будет первым!
Используя этот сайт, вы соглашаетесь с тем, что мы используем файлы cookie.